Звініць званок, заве дзяцей за парты,
Амаль што год працягнецца ўрок,
І толькі хто настойліва-упарты,
Адкрые да ўсіх навук замок.
Трымаюць ключ настаўніцкія рукі,
Адкрыць яму замок дапамажы,
І ажывуць і літары, і гукі,
І формулы, малюнкі, чартяжы...
І загавораць замкавыя вежы,
Прывіды ля засыпаных магіл,
Гісторыя свае акрэсліць межы,
Развернецца падзей клубок тугі...
І формулы паўстануць дружным строем,
У таямніцы знакаў павядуць,
Таму, хто разгадае, быць героем,
Калі лянівы - формулы збягуць.
І стане для ўсіх сяброўкай мова,
А родная - у першую чаргу,
Цікавай будзе гутарка-размова,
Мы ўсе прад нашай мовай у даўгу...
Адкрыюць сэнс дзясяткі розных кніжак,
Пра лёс-жыццё раскажуць песняры,
Ніколі не бывае твораў лішак,
Як і навук. Так кажа люд стары.
Усіх навук-урокаў у школе многа -
Навукі за плячыма не насіць,
Іх сустракай і ветліва, і строга,
Каб слёз не давялося потым ліць...
Гучыць званок, адкрыла школа дзверы,
Заве за парты новае жыццё,
І вабяць чысцінёй лісты паперы,
Любы ўрок - навукі адкрыццё.
Комментарии