Спыніце бег імклівага жыцця,
І хай яго рака цячэ павольна,
Хачу вярнуць дзяцінства з небыцця,
Пакуль я гаварыць аб гэтым здольна...
З душы пачуцці льюцца цераз край,
Яны карціны-вобразы малююць,
Дзяцінству гаварыла я :"Бывай..."
А ўспаміны ўсё мацней хвалююць...
І вобразы жывыя паўстаюць,
Магнітам цягнуць родныя мясціны,
Яны вярнуцца ў родны край завуць,
Каб адпачыць ад клопатаў руціны...
Дзяцінства мне ніколі не вярнуць,
І твар зусім не той у роднай вёскі,
А мне б у тую вёску зазірнуць...
Але адказ я чую вельмі жорсткі.
Сумуюць хаты, дзе няма жыцця,
Кагосьці з вышыні буслы гукаюць,
Няўрымслівыя хвалі пачуцця
У сэрцы струны тонкія кранаюць.
Ад спеваў струн няма мне ноччу сну,
Удзень няма таксама мне спакою,
Дзяцінства ўспамінаю, як вясну,
Што незямной адорана красою...
Раку жыцця павольнай не зрабіць,
Нясе яна мяне заўжды імкліва,
Ніколі мне дзяцінства не забыць,
Яно мне залатой махае грывай...
Комментарии