Я ў палоне думак і пачуццяў,
Я ў палоне лёсу і жыцця,
А вакол то ціш, то мнагалюддзе -
Вось закон сучаснага быцця...
Час імчыцца,ты ляціш з ім разам,
Губячы надзеі і гады...
Што там: перамога ці параза? -
У думках і ў сэрцах маладых.
Кожны крок твой - значная падзея,
Кожнае імкненне - вышыня,
Мара кліча ўперад і надзея,
Не жывецца без яе ні дня.
Не пужае, што было ўчора,
Сёння - белы ветразь маладых,
Заўтра - гэта неабсяжнасць мора,
Пошук ісцін, вечных і святых...
Хуткае да слёз жыццё людское,
І нічым яго не супыніць,
А пачуцці - хваляю марскою,
Потым доўга рэха іх звініць...
Мы ў палоне думак і пачуццяў,
Мы ў палоне лёсу і жыцця...
І няма для іх ніякіх суддзяў,
І няма карысней адкрыцця....
Комментарии