Мне сніцца хата,родненькі мой кут,
Уздоўж дарогі - вербы і таполі,
Жыцця майго прайшлі імгненні тут,
І не цураюся я іх ніколі...
Найлепшы час, найлепшыя гады -
Дзяцінства без турботы і юнацтва,
Не ведаючы гора і бяды,
Сапраўднае сяброўства, быццам брацтва.
Наіўнае, святое пачуццё,
Яно ў снах мне сёння толькі сніцца...
Яго зацьміла жорсткае жыццё,
І марам-летуценням тым не збыцца...
Бязлітасны да чалавека час,
Яго не супыніць ні на імгненне...
Каго яно пашкадавала з нас?
"Нікога..." -адкажу вам без сумнення.
Жыццё ўсё праляцела, быццам сон...
Навошта сняцца вербы і таполі?
Яны крычаць мне нешта наўздагон -
І толькі рэха ў жыццёвым полі...
Комментарии